ГАРАДНЯ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў з в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Як ганчарны цэнтр вёска вядома з 15 ст. У 19 — пач. 20 ст. ганчарствам тут займалася каля 200 сем’яў, у 1920—30-я г. — каля 500; посудам забяспечвалася амаль усё Палессе, ён трапляў на Валынь, Панямонне, пад Вільню і Варшаву. Выраблялі гаршкі, збанкі (глечыкі), гладышы, вазонніцы, глякі (бунькі), слоікі, пёрлы (макотры), кубкі, міскі і інш. Гаршкі ў залежнасці ад аб’ёму мелі розныя назвы: мамзель (умяшчае 1 кг збожжа), злівач (2 кг), адзінец (8—16 кг), паляк (больш за 16 кг). Традыцыйная гараднянская кераміка — белагліняная, непаліваная, у 15—17 ст. аздобленая выціснутым дэкорам у выглядзе паяскоў, у 18 — пач. 20 ст. — хвалістымі і роўнымі паяскамі і косымі рыскамі чырвона-карычневага колеру (рубежыкі), нанесенымі жалезістай глінай (апіска) у 2—3 рады на верхнюю частку вырабу ў працэсе вытворчасці. Посуд вызначаецца буйнымі, ёмістымі шарападобнымі формамі. З 1930-х г. пашырэнне набыло глазураванне бясколернай і каляровай палівай, ангобны дэкор знік, памеры посуду зменшыліся. Выраблялі таксама дробную пластыку наіўна-рэаліст. характару (жанравыя сцэнкі ці фігуркі жывёл). Традыцыі гараднянскай керамікі прадаўжаюць сучасныя майстры І.Генбіцкі, І.Лічэўскі, П.Гмыр, А.Вячорка, Ф.Шэлест і інш.

Я.М.Сахута.

т. 5, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)